Клёцкі з “душамі” – страва, распаўсюджаная на заходняй тэрыторыі Віцебскай вобласці. Многія жыхары вобласці захоўваюць у памяці веды, звязаныя з элементам (тэхналогію прыгатавання, рэцэптуру) і карыстаюцца імі практычна. Клёцкі з “душамі” бытуюць як у гарадскім, так і ў вясковым асяроддзі. Жыхары вёсак не страцілі сельскагаспадарчы ўклад жыцця, што з’яўляецца важным чыннікам захавання дадзенай стравы, асноўны кампанент якой – традыцыйная для беларускай сялянскай гаспадаркі культура – бульба.
Паэтычная назва гэтага элемента культуры харчавання паходзіць ад начынкі, якая змяшчаецца ў сярэдзіне клёцкі і называецца “душой”.
Раней клёцкі з’яўляліся рытуальнай стравай памінальнага стала, але з цягам часу іх сталі гатаваць і ў выхадныя дні, калі за сталом збіраецца ўся сям’я.
Для прыгатавання клёцак з “душамі” акрамя бульбы неабходны мука, цыбуля, прыправа, для начынкі выкарыстоўваюцца сала, мяса, фарш, грыбы ці хатняя каўбаса. Дастаткова просты працэс прыгатавання клёцак патрабуе пэўных навыкаў і адбываецца наступным чынам: бульбу дзяруць на тарцы, адціскаюць. Затым, як адстоіцца вада, – яе зліваюць, а ілаўку (крахмал) дадаюць ў адціснутую дранку, соляць, падсыпаюць трошкі мукі, замешваюць. У начынку кладуць кмен, соль, цыбулю. Начыняюць гатовае драннё і робяць клёцкі, кідаюць іх у кіпячую ваду, вараць паўгадзіны.
Практыка прыгатавання клёцак з “душамі” не перарывалася, што звязана з іх трывалым замацаваннем у мясцовай сістэме харчавання і дастаткова простай рэцэптурай, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне ў сем’ях, паўсюдна выкарыстоўваецца ў пунктах грамадскага харчавання
Комплекс уменняў вырабу традыцыйнага вясельнага каравая існуе на Ваўкавышчыне ў жывой традыцыі. Каравай у гэтых мясцінах з’яўляецца важным атрыбутам вясельнай традыцыі. Асноўнымі носьбітамі, якія валодаюць комплексам уменняў вырабу вясельнага каравая, з’яўляюцца Яўгенія Міхайлаўна Прохар (в. Мацвееўцы), Ірына Іванаўна Гецольд (в. Маісеевічы), Валянціна Іванаўна Поух (г. п. Краснасельскі), Тамара Іванаўна Карнацэвіч (в. Новая Ятвезь), якія перадаюць майстэрства жанчынам сваіх сем’яў. Рэцэптура і тэхналогія прыгатавання агульная на ўсіх, аднак, кожная з жанчын, валодае ўласнымі сакрэтамі, што робяць іх караваі адметнымі і запамінальнымі. У якасці інгрэдыентаў для караваяў, склад якіх старанна захоўваецца, выкарыстоўваюцца мясцовыя натуральныя прадукты.
Вясельны каравай мае круглую форму і заўсёды вылучаецца добрай якасцю. Каравай адметны сваім традыцыйнымі ўпрыгажэннямі – шышачкамі, кветачкамі, птушачкамі, вобразы якіх – з мясцовай прыроды. І. І. Гецольд, В. І. Поух, Т. І. Карнацэвіч дапаўняюць сваі караваі новымі сучаснымі элементамі – разнакаляровымі кветачкамі вялікіх і маленькіх памераў, лебядзямі, сімвалізуючымі вернасць сямейнай пары, фігуркамі маладых і інш. Караваі Я. М. Прохар вылучаюцца больш традыцыйнай манерай упрыгожвання, аскетычным выглядам.
Сімволіка каравая багатая: ён з’яўляецца сімвалам дабрабыту і багацця, паяднання і працягу роду, даўгалецця шлюбнага саюзу, вернасці. Каравай выпякаецца напярэдадні вяселля і ў момант адорвання маладых падарункамі дзеліцца паміж гасцямі, а верх каравая застаецца маладым, як сімвал працягу роду, шчасця і добрай долі
Ваджэнне вясновага абрадавага карагода «Стрылка» адбываецца штогод на першы дзень Вялікадня пасля велікоднай вячэрняй службы ў царкве, якая называецца «Нешпар» (па-мясцоваму) і доўжыцца 40—60 хвілін.
Пасля службы жыхары вёсак Бездзежскага сельскага савета збіраюцца для ажыццяўлення абраду на вясковай плошчы (па-мясцоваму — «місці») перад царквой ля крыжа, які знаходзіцца на скрыжаванні пяці дарог. «Місто» з’яўляецца важным элементам культурнага ландшафту, звязанага з бытаваннем абраду, таму традыцыйная планіроўка вуліц і мясцовая архітэктура выступае чыннікам захавання ў часе ўсіх складовых элементаў абраду. Бацюшка акрапляе прысутных святой вадой. «Завадатар», функцыю якога некалькі гадоў выконвае адзін і той жа чалавек, або самая старэйшая і паважаная жанчына (яна звычайна замужам і мае дзяцей, а таксама добра ведае, як завесці карагод), ставіць «зырнятак» (маленькіх дзетак) у выглядзе трохкутніка. Дзеці ў сваіх групках стаяць на адным месцы, а астатнія ўдзельнікі карагода злучаюць рукі і рухаюцца па сонцу, агінаючы «зырнятак» у выглядзе падковы, і спяваюць карагодную песню ў спакойным, працяжным тэмпе.
Абрад уяўляе зварот да вышэйшых сіл на новы багаты ўраджай, заклік да засцярогі вяскоўцаў ад магчымых катаклізмаў, негатыўных звычак, каб ні страціць «дзявоцкую, парабоцкую, жаноцкую, мужыцкую красу».
Для ўдзелу ў абрадзе мясцовыя жыхары старанна рыхтуюцца, апранаюцца ў мясцовы строй.
«Стрылка» з’яўляецца вельмі ўстойлівым элементам мясцовай культуры, які спрыяе выхаванню ў новых пакаленняў паважных адносін да звычаяў продкаў і захаванню сваёй культурнай адметнасці