Адной з адметнасцей Мастоўскага раёна з’яўляецца Котчынская кадрыля в.Котчына.
Рэгіянальная асаблівасць “Котчынскай кадрылі” вызначаецца наяўнасцю пэўных фігур, парадкам іх выканання, структурай кампазіцыі, мелодыі, простай танцавальнай лексіка.
Спецыфічнасць кампазіцыі – калі кожная пара, кожны ўдзельнік танца па чарзе паўтараюць рухі паводле прынцыпу “усе за ўсімі”. Музычныя перыяды і паўторы танцавальных фігур не адпавядаюць адна другой: заканчэнне харэаграфічнай часткі не супадае з музычнай (найгрыш прыпыняецца раней, чым завяршаецца танец). Танец выконваецца з запалам, жартаўлiва ва ўмераным тэмпу.
Сёння “Котчынская кадрыля” перацярпела змены і выконваецца на 6 пар (раней на 8). Кадрыля танцуецца весела, жыва, колькасць фігур можа вар’іравацца ў залежнасці ад жадання выканаўцаў.
На Гарадзеншчыне “Котчынская кадрыля” выконваецца шматлікімі народнымі ансамблямі, у тым ліку яе можна пабачыць у выкананні танцавальнага гурта Азёркаўскага сельскага клуба Гродзенскага раёна. Кадрылю танцуюць тры пакаленні танцавальнага калектыву ва ўзросце ад 40 да 50 гадоў і дзве дзіцячыя танцавальныя групы па 6 пар 11–х і 6-х класаў, што ўказвае на пераемнасць танцавальных народных традыцый
Вясельныя песні ў выкананні носьбітаў фальклору з вёскі Клін Хоцімскага раёна Магілёўскай вобласці рэпрэзентую традыцыю Беларускага Падняпроўя і з’яўляюцца яркім паказальнікам спецыфічных асаблівасцей рэгіянальнай манеры выканання. Іх стылістычныя ўдметнасці заключаюцца ў дамінантнасці прыўзнятых святочных настрояў, маторным характары рытмікі, асобай яркай манеры выканання, перавазе ладоў мажорнага нахілення ў аб’ёме квінты, значнай ролі квінтавай інтанацыі, асаблівай гучнасці і эмацыйнай адкрытасці.
Вясельныя песні суправаджаюць асноўныя этапы вясельнага абраду: сватанне, прыезд маладога да маладой, ад’езд маладой з бацькоўскага дому, вясельны пір, абрадавыя дзеі другога дня. Акрамя ўласна песен, прымеркаваных да ключавых момантаў вяселля, у выканальніцкую традыцыю ўключаны таксама і жартоўныя песні, дражнілкі, адрасаваныя свату, паджанішку, паджанішцам, гасцям.
Носьбітамі песеннай традыцыі з’яўляюцца ўдзельніцы фальклорнага гурта в. Клін, рэпертуар якога ўключае розныя жанры абрадавай і пазаабрадавай культуры. Адну з цікавейшых старонак гэтага рэпертуару прадстаўляюць менавіта вясельныя песні, якія з’яўляюцца паказальнікам унікальнай, багатай рэгіянальнай традыцыі
Самабытнасць спеўнай традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы (Старадарожскі раён) раскрываецца праз непаўторнае жанравае аблічча. У гэтай мясцовасці захаваліся старажытныя напевы каляндарнага (калядныя, веснавыя, жніўныя) і сямейна-абрадавага (вясельныя) цыклаў.
Другой асаблівасцю спеўнага стылю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы з'яўляецца раннефальклорнае інтанаванне з характэрным для яго комплексам (тэмбравая напружанасць, максімальны дынамічны ўзровень, спецыфічнае унісонна-гетэрафоннае спалучэнне галасоў).
Носьбітамі спеўнага стылю міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы з'яўляюцца жыхары вёсак Прусы і Баранава Старадарожскага раёна. Больш шырока дадзеную традыцыю прэзентуюць удзельнікі народнага фальклорнага калектыву “Набіліцы” Баранаўскага сельскага клуба і народнага фальклорнага калектыву "Прусаўчанка" Прускага сельскага дома культуры.
Песенная спадчына міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы прадстаўлена як у традыцыйнай стыхійнай форме выканання (у час Вялікадня і Троіцы, провадаў у армію і заручынаў, традыцыйных “бясед”, выканання гаспадарчых прац), так і ў сучаснай канцэртна-арганізаванай форме.
Гуртом "Прусаўчанка" адроджаны абрады “Гуканне вясны”, “Зажынкі”, “Радзіны”, “Заручыны”.
Пераемнасці традыцыі спрыяе дзейнасць дзіцячага фальклорнага калектыву “Пралеска” Прускага сельскага дома культуры.
Мясцовая супольнасць паважліва ставіцца да зберажэння і трансляцыі сваёй спеўнай традыцыі, спрыяе яе захаванню і лічыць яе сваёй духоўнай каштоўнасцю